Транзітны рэпертуар у лакальных і тэрытарыяльных традыцыях – на прыкладзе яўрэйскіх мелодый з Беларусі, выкарыстаных у фільме, з адступленнямі ў больш шырокі кантэкст
У спісе мелодый у тытрах фільма мы бачым такі цікавы падзел: Яўрэйскія мелодыі | Танцавальна-песенны рэпертуар | Беларускія мелодыі. У яўрэйскія аднесена тое, што мы ведаем з запісаў фалькларыстаў, якія збіралі (у Беларусіі) яўрэйскі фальклор, у беларускія – тое, што мы ведаем з запісаў фалькларыстаў, якія збіралі (у Беларусіі) беларускі фальклор (пры гэтым з акцэнтам на мелодыях з назвамі, што маюць нешта агульнае з яўрэйскімі – шэрлы/ножні/жыдок), у трэцюю катэгорыю ўсё астатняе.
Прыгледзімся: вось мы бачым у спісе “яўрэйскіх мелодый” воліх (валашскі/румынскі). А ў спісе беларускіх мелодый – шэрлы/ножні, што адсылае нас да назвы яўрэйскага танца шэрэле (=нажнічкі). Гэта запазычанні? Беларусы скралі яўрэйскі танец? Можа культурныя ўплывы? Як арганізаваныя тут міжкультурныя сувязі і чым нам можа дапамагчы разуменне іх ладу?
Ната: Падчас падрыхтоўкі саўндтрэку музыкі працавалі з некалькімі мелодыямі, якія ў запісах фалькларыстаў называюцца “ножні”, “шэрлы”, “нажнічкі”. Для зручнасці выкарыстання да назваў найгрышаў, якія ўжываюцца інфармантамі, дададзены рэгіянальныя маркеры – Мазырскія, Кобрынскія і г.д. Падрабязней пра некаторыя мелодыі можна прачытаць у раздзеле Музыка.
Клезмеры давалі нейкія назвы сваім мелодыям, каб не паблытаць?
Ілля: Добрае пытанне. Не ведаю дакладна, але калі мы паглядзім на рэальныя зборнікі клезмераў, якія публікавалі свой рэпертуар, пачынаючы з Кастакоўскага, то там нумары стаяць. Фрэйлехс нумар 27, вось гэта ўсё. Дзе-нідзе стаяць дадаткі, уласныя імёны тыпу “Вальс Сельма”, ці ў тых, што мелі вакальны варыянт (спяваліся песні на тыя ж мелодыі), – назва песні: Bulgar 14 “Yurke fort Avek”
Ната: Вось цікава, а на вяселлях калі гралі, як яны ведалі, якую менавіта мелодыю будуць наступную граць? Ці госці, калі “куплялі” мелодыю, як яны называлі яе? Бо мы ж ведаем гэтыя мелодыі па выдадзеных зборніках ці з нататак этнамузыколагаў, якія іх збіралі.
Пачнём з назваў. Вось, напрыклад, воліх. Гэтая назва адсылае нас да Валахіі – валашскі, то бок румынскі. Мелодыі з падобнымі назвамі вядомыя не толькі ў яўрэйскім танцавальным рэпертуары. Мы знойдзем Влашко коло1 ў Сербіі, Влашко оро ў Македоніі2, Влашко хоро ў Балгарыі3, і Влахікос скарос (Улашскую імправізацыю) 4 ў Грэцыі. У апошнім выпадку, зрэшты, гэта адсылка ўжо не да румынаў, а да арамунаў5 – іншага раманамоўнага народа, які жыве ў Грэцыі. Адпаведная адсылка можа азначаць як прамую адсылку – “валашская мелодыя”, я яе ва ўлахаў/румын/малдаван… – пачуў і зараз вам граю, – так і стыль ці стылізацыю – мелодыя ў валашскім стылі. Адпаведна, назва Волех/Воліх/Вулах не вызначае нават аднаго канкрэтнага жанру ў клезмерскім і хасідскім рэпертуары – гэта бывае і танцавальная музыка6, і музыка безмензурная, для слухання або рытуальная, напрыклад, дойна – “The Doina, or Voloch, is a Rumanian form, out of tempo and largely improvised (Pete Solokow);” | “Doina … Also known as vulekhl (Michael Alpert)”7 або нігун двейкут8. Андрэ Хайду нават прыводзіць сведчанне аб тым, што назва Волехл замацавалася за мелодыяй, якая суправаджала танец, што імітуе ўваскрашэнне з мёртвых на святкаванні Лаг Ба Амер на гары Мерон9, то бок стала назвай мелодыі канкрэтнага танцавальнага рытуалу.
Ната: У фільме Чароўныя Нажнічкі, як лейтматыў “любоўнай тэмы” галоўных герояў, выкарыстаны Воліх 9 з калекцыі Зусмана Кісельгофа. Гэтая мелодыя сустракаецца тры разы: першае з’яўленне – вакал у сцэне “сну”, на 00:46:56 (глядзіце таймінг у апісанні пад відэа), затым у сцэне “прызнання ў каханні” 00:50:01, і, нарэшце, сутнасць гэтай тэмы раскрываецца ў фінале фільма, у сцэне “хупа” 00:57:44.
Тут узнікае некалькі цікавых пытанняў.
Самае простае – чаму валашскія мелодыі аказаліся запатрабаваныя ў Беларусі. Тут магла спрацаваць мода на “румынскае” гучанне – агульная для яўрэйскіх абшчын розных рэгіёнаў аднаго часу. Ёсць прыклад, калі фалькларысты, якія збіралі яўрэйскі фальклор у Беларусі, сабралі не проста мелодыі “ў валашскім духу”, а матэрыял наўпрост румынскі/малдаўскі/букавінскі: параўнайце рэдэлэ з калекцыі Кісельгофа10, запісанае ў беларускім Дуброўне, з хорай марэ ў выкананні Колі Сербана11 або віватам12 з вёскі Гура Галбенэй са зборніка малдаўскага фалькларыста Пятра Стаянава “500 мелодий де жокурь дин Молдова”. Ад Гура Галбенэй да Дуброўны прыкладна 1500 км (а наўпрост і таго менш). Дыстанцыя для вандроўных мелодый не такая ўжо вялікая. Скажам мелодыя песні Tamganeydendiker nign (Dos Freylekhe Shnayderl)13 вядомая ва Украіне (як яўрэйская і грэчаская), а яшчэ і ў Іране – адлегласць разы ў два далей.
Другое, цікавейшае – што ж тады дае нам веданне ці няведанне гэтай назвы? Тут можна акуратна выказаць здагадку, што трохдольная мелодыя з “валашскай” адсылкай будзе хутчэй у рытме малдаўскай/румынскай трохдольнай хоры, чым у рытме мазуркі ці вальса. Але і гэта, хутчэй, верагоднасць – скажам, у калекцыі нігунаў Бэлз Уры Шарвіта назвы “нігун вальс” нададзеныя мноству мелодый на тры чвэрці, у тым ліку тым, якія па меладычных фігурах відавочна адсылаюць да іншага – напрыклад, якраз да малдаўскай хоры14. Таму выканаўцы важна ведаць тыповыя меладычныя элементы і акцэнты ў мелодыі, каб “пазнаваць” жанр мелодыі па іх.
Ната: Для рамантычнай тэмы Рэйзл музыкі праекту прапанавалі выкарыстаць Віленскі вальс. У саўндтрэку фільма ён першы раз з’яўляецца на 00:16:18, калі Гірш распавядае аб сваёй цнатлівай сястры Рэйзл.
У пост-фолк запісах мы сустракаем у подпісах да гэтай мелодыі нататку – з рэпертуару Алеся Лася (беларускі мультыінструменталіст, фалькларыст). Гэта не тыповы для мясцовай “музычнай мовы” вальс. Паходжанне ў гэтай мелодыі не вельмі зразумелае, але падчас праслухоўвання нават не занадта трэніраванае вуха ўлоўлівае “яўрэйскія ноткі”. Цікава, якія шанцы знайсці “валашскі” след у гэтай мелодыі?
Падобна на хору па структуры мелодыі, памеры, пабудове фраз і г.д.? На што ўвогуле падобна? Па маіх танцорскіх адчуваннях, гэта дакладна не вальс.
Ілля: А вось Marysia Stępień, скрыпачка з Лодзі, бачыць у ёй тыповы вальсік. Гэта ўсё даволі суб’ектыўна…
Ната: Паводле Алеся Лася: ” Віленскі вальс прывандраваў да маёй сядзібы з далёкіх Венгайтаў. Гэта клезмерскі вальс, які граўся ў Вільна ў 30-х гадах капэляй клезмераў. Пачуў я яго ў 90-х гадах ад Эдмурты і Вацлава, маіх добрых знаёмых, стваральнікаў вясковага тэатра “Teatr wiejski w Wengajtach”. І з тае пары гэты вальс нясе для мяне і маіх сяброў цёплы ўспамін і добрыя эмоцыі.” (з Інстаграма). Тут ужо можна пачынаць дыскусію на тэму “клезмерскія вальсы ва Ўсходняй Еўропе ў 1930х”… Калі яе будзе каму падтрымаць.
Але ўсё ж назва – важны рэферэнс. І, не ідучы за назвай, мы можам звесці мелодыю ад таго, у якой функцыі яна гучала ў месцы свайго бытавання. Гэта не заўсёды дрэнна і можа быць нашай інтэнцыяй, як у выпадку з “псалмам Гузікава” ў нашым саўндтрэку.
Ната: Міхаэль Іосіф Гузікаў – віртуозны музыка і кампазітар 1806 года нараджэння, сын клезмера са Шклова (яўрэйскае мястэчка, а зараз горад у Беларусі, у Магілёўскай вобласці).
Стаўшы вядомым, Гузікаў гастраляваў у многіх еўрапейскіх гарадах, а ў 1835 дабраўся да Вены. Ёсць міф, што свецкія дамы, імітуючы ягоныя пэйсы, насілі локаны ля скроняў “а-ля Гузікаў” (глядзіце прычоскі эпохі бідэрмейер).
Акрамя вынайдзенага Гузікавым ксілафона – “гармоніка з дрэва і саломы”, – гісторыя захавала адзін з яго аўтарскіх твораў у нотах – «Shir Наmа alot» (Псалом 126). Які выклікаў шмат дыскусій падчас працы з ім для запісу саўндтрэку і пасля.
Гэтая мелодыя была абраная лейтматывам галоўнага героя фільма. Ц’ютарка па клезмеры прапанавала сыграць яе ў жанры хосідла. Так з духоўнага твора “для слухання” мелодыя была адпраўлена ў танцавальны жанр.
Больш падрабязнасцей аб гэтай мелодыі вы можаце знайсці ў раздзеле Музыка.
А што ў гэтых нотах мацней за ўсё “намякае” на танцавальную фактуру мелодыі?
Ілля: Танцавальныя мелодыі часта спалучаюць роўныя працягласці (якія ствараюць гэтакі roll, агульны рух) у доўгіх фразах з акцэнтамі, якія падкрэсліваюць асаблівасці рухаў танцораў. Тут так сябе паводзяць другая і чацвёртая часткі. Але гэта ўсё вельмі ўмоўна, для пераробкі песеннай мелодыі ў танцавальную ў нотах памяняецца не так шмат. Так што гэта больш рацыяналізацыя адчуванняў.
І трэцяе, найбольш цікавае пытанне – а як выконваць гэтую мелодыю, Воліх 9, са зборніка Кісельгофа, калі мы хочам рэканструяваць гучанне менавіта яўрэйскага воліха з Беларусі, якім ён, магчыма, быў. Нам дапамаглі б нейкія рэферэнсы, узоры таго, як уласна гучалі волехі ў Беларусі.
Па-першае, гэта калекцыя Соф’і Магід. У ёй ёсць аўдыязапісы (васкавыя валікі) уласна “волахаў/воліхаў”:
- Волах (валік 3642,1), Мазырская акруга Гомельскай вобласці, выконвае Бухман, скрыпка
- Волах (валік 4574,1), Бабруйская акруга Гомельскай вобласці, выконвае Пейсах Майсеевіч Мілчын, скрыпка
- Волох (валік 1873,1) Прапойскі раён Гомельскай вобласці15, выконваюць Шая Вульф і Мейшэ Салодкіны, скрыпкі
З гэтых трох прыкладаў толькі Волах Салодкіных – мелодыя ў памеры ¾, як і Воліх 9 Кісельгофа.
Таксама варта звярнуць увагу на трохдольныя мелодыі з той жа калекцыі з назвай “Жог” – відавочна, гэта змененае напісанне малдаўскага слова“жок”, танец.
Усе чатыры запісы – Мазырская акруга Гомельскай вобласці, выконвае Давід Майсеевіч Векслер, скрыпка
Аўдыязапісы (таксама васковыя валікі) з калекцыі Кісельгофа, якія захоўваюцца ў кіеўскай Акадэміі Навук ім. Вярнадскага, таксама часткова апублікаваныя20. У ліку апублікаваных запісаў ёсць волех, праўда, двухдольны:
- Волех, (валік 1135,1)21, Бабінавічы, Беларусь, выконвае Іцхок Аўруцінэр (голас)
Нарэшце, ёсць волахі ў рэпертуары беларускіх хасідаў. Часткова гэта клезмерскія мелодыі, перанесеныя ў вакальную музыку. Тут варта звярнуцца да рэпертуару хасідаў ХАБАД (Любавіч). Хоць сёння Любавічы – гэта Смаленская вобласць РФ, у яе склад яна ўключана толькі ў 1919 годзе, да гэтага Любавічы – гэта Магілёўская губерня ў Беларусі. Вось некаторыя любавіцкія волахі:
- нігун Волах22, выконвае р. Шмуэль Бецалель Альтхойс
- Волахл23, выконвае р. Шмуэль Бецалель Альтхойс
- нігун Волах (Ах чабана)24, выконвае р. Шмуэль Бецалель Альтхойс
- Га’агуім Волах25, выконвае р. Шмуэль Бецалель Альтхойс
- нігун Волах р. Нота з Пахара26
- нігун Волах27, выконвае р. Шмар’яу Фельдман
- і яшчэ некалькі любавіцкіх волахаў, сабраныя ў плэйліст28 на ютубе.
У некаторых з іх, перш за ўсё ў нігунах “Волах (Ах чабана)” і “Волахл”, мне чуецца “клезмерскае” паходжанне, пераважна за кошт спецыфічных мелізмаў.
Гэтыя нігуны збольшага ў традыцыі Хабад атрыбутаваныя як тыя, што паходзяць ужо з Украіны – Мікалаеў (два першых) і Пахар, каля Чарнігава (трэці), і частка з іх была складзена ўжо ў другой палове XX стагоддзя. Так што гэтыя крыніцы ўжо другасныя – тут мы мяркуем, што нусах (умоўна, мелас) быў перанесены хасідамі Любавічаў з Беларусі.
У нас атрымаўся корпус з больш за дзесятак мелодый. Наступны крок – гэта аналіз гэтага корпуса і праца над засваеннем гэтага матэрыялу. Хацелася б зразумець, якія тут ёсць рэгіянальныя асаблівасці, як менавіта румынскі/валашскі рэпертуар пераламіўся ў прызме выканання яўрэйскіх музыкаў з Беларусі. Магчыма, для гэтага спатрэбіцца і пашырэнне погляду – добра было б зразумець, напрыклад, што ёсць у выкананні гэтых мелодый, чаго няма ў выкананні тымі ж музыкамі іншага рэпертуару – для гэтага давядзецца слухаць і як яны спяваюць/граюць іншы рэпертуар, не волахі. Праца вялікая і цяжкая, за кошт мізэрнасці матэрыялу. Тым не менш, добра засвоіўшы матэрыял гэтага корпуса, навучыўшыся граць волахі і жокі з Беларусі ў стылістыцы, набліжанай да таго, як яны гучаць у гэтых запісах, мы можам ужо брацца за Волех Кісельгофа з намерам выканаць яго ў падобным стылі. Інфармацыі ўсё роўна недастаткова, але гэта ўжо крок у патрэбны бок.
Троху аддалімся ад разгляду менавіта воліха і паглядзім на карціну ў цэлым. Мы бачым, як па-рознаму ўладкавана культурнае ўзаемадзеянне паміж, у нашым прыкладзе, румынскай і габрэйскай музыкай: гэта можа быць мелодыя, якая выступае ў абедзвюх культурах, а можа быць толькі адсылка да стылістыкі – як у клезмерскай музыцы ўзнікае стыль “волех”, а, напрыклад, у польскай- полькі “жыдоўкі” . Асобна цікава, што падчас пераносу можа не захоўвацца функцыя. Віват (мелодыя для прывітання гасцей, за якую госці даюць музыкам грошы) становіцца рэдэлэ, а іншая мелодыя раптам набывае рытуальную функцыю суправаджэння танца, які імітуе ўваскрашэнне памерлых.
Ната: “Жыдок калядны” выкарыстоўваецца ў саўндтрэку фільма ў якасці мелодыі, якая падкрэслівае сцэну “бройгез” (сварка) на 00:51:42. Падрабязней аб гэтым жанравым танцавальным дзеянні можна прачытаць у раздзеле Музыка. А з этнаграфічных нататак вядома, што гэтая мелодыя суправаджала дзеянні персанажа “жыд” у беларускім калядным абрадзе.
У беларускім народным танцавальным рэпертуары таксама ёсць танцы з апісанай харэаграфіяй з назвамі Жыдок (ці Гірша-Мойша) і Жыдовачка.
Здаецца, ты казаў, што ў Любліне сустракаў гэтую мелодыю?
Ілля: Не. Але я ў Любліне назіраў Herody – каляднае прадстаўленне, дзе была фігура Яўрэя, які прыходзіў да цара Ірада. Ёсць шмат падобнага на ютубе, напрыклад, https://www.youtube.com/results?search_query=herody+koledniczych. І ў мяне ёсць тэксты і ноты люблінскіх версій.
Адсюль – тут я каментую тэрміналогію, якая прагучала ў нашых сустрэчах у зуме , – не варта, як мне здаецца, злоўжываць ідэяй “запазычання” мелодый і танцаў, хутчэй варта казаць аб лакальным рэпертуары, агульным для суседніх культур, такая оптыка больш плённая і дапамагае пазбегнуць паспешлівых высноваў і нават канфліктаў.
Ната: У рамках праекту ў нас адбылося дзве дыскусійныя сустрэчы:
1) Літвацкі дыялог: Як здабыць дыяменты з-пад архіўнага пылу?
2) Litvak way to play music. Разбор дзвюх мелодый, выкарыстаных для стварэння саўндтрэку да фільма. Менавіта – https://www.youtube.com/watch?v=pd6YlafHgr8
А таксама: 3) Прэзентацыя вынікаў праекту
Скажам, здагадка, што шэрлы – беларускае запазычанне габрэйскага танца шэр – гэта толькі адна са шматлікіх раўнапраўных магчымасцяў. Танец з падобнай назвай вядомы ў розных краінах (Берагоўскі згадвае шэры ўкраінскія, чэшскія, польскія, румынскія і галіцыйскія29). Магчыма, усе яны, як і шэрлы беларускія, паходзяць з адной агульнай крыніцы, але нельга з упэўненасцю гэтую крыніцу пазначыць (для яўрэйскіх шэраў Берагоўскі бачыць такой крыніцай сярэднявечную Нямеччыну). Больш за тое, не выключана, напрыклад, і мы бачым таму прыклады ў іншых выпадках танцаў і мелодый, агульных для суседніх культур, што як мелодыя танчыцца ў розных традыцыях пад розныя танцы30, так і танец можа быць блізкім па рухах, але мець асобныя, уласныя мелодыі ў народаў суседзяў (гл. напрыклад, падзел каламыек на яўрэйскія і ўкраінскія ў зборніку Кастакоўскага). Так што мы можам выказаць здагадку, напрыклад, што ножні і шэрлы – мелодыі агульныя для беларускага і яўрэйскага рэпертуару Беларусі, але надзейнай гэтую здагадку зрабілі б толькі знойдзеныя прыклады канкрэтных структурных або меладычных паралеляў беларускіх мелодый з яўрэйскімі ўзорамі. Але насамрэч справядлівасць такой здагадкі і не так важная. Стылістыка выканання, слыхавы досвед музыкаў і іх выканальніцкі досвед вызначаюць “яўрэйскае” ці “беларускае” гучанне мелодыі куды ў большай ступені, чым уласна паходжанне мелодыі. Так што замест разваг аб накіраванні запазычання цікавей паглыбляцца ў матэрыял – беларускі, яўрэйскі, у ступені, якая дазваляе потым, умоўна кажучы, сыграць у патрэбнай стылістыцы любы зададзены нотны матэрыял. Менавіта так заўсёды жыла традыцыйная музыка – і вызначалася “нашае” гучанне – не па нотах мелодыі, а па спосабе яе інтэрпрэтацыі.
Ната: Адна з задач праекту была пашукаць “яўрэйскае” гучанне мелодый, запісаных ад беларускіх народных музыкаў. А таксама паспрабаваць вызначыць іх першапачатковую функцыю. Ну, ці тую, што ў іх была ў моманце, калі яны трапілі ў беларускі рэпертуар. Цікава, ці ўдалося пост-фальклорным музыкам у саўндтрэку ў нейкіх мелодыях перадаць яўрэйскае гучанне?
Ілля: Хе, не ў межах дадзенай гісторыі, мусіць. У цэлым, удалося дадаць элементы “яўрэйскасці”, месцамі, пачатак пакладзены. А вось далей…))
Ната: А далей мы працягваем працаваць і з выканальніцкімі асаблівасцямі гэтага рэпертуару, а таксама з паглыбленнем у яго і яго ў крос-культурныя сувязі! Пажадайце нам і ўсім, хто робіць бачнай танцавальную Райсн, удачы. У тым ліку – Зіслу Сляповічу, у якога ў снежні 2024 года выйшла кніга натацый аўдыязапісаў Сафіі Магід, сабраных даследчыцай у 1928-1938 у Беларусі (у той час – Савецкай Беларусіі). Замовіць кнігу можна на https://Zisl.bandcamp.com/merch
Аўтар тэкста – Iлля Сайтанаў (Iзраiль)
Кастрычнiк, 2024
Задавала пытанні і каментавала тэкст Ната Голава,
каардынатарка праекта Літвацкі Дыялог
1 Дувачки оркестар Тимочани, Књажевац – Влашко коло #1 (Сербія)
2 Ansambl Čalgija – Vlaško Oro (Македонія)
3 Благой Благоев – Влашко хоро (Балгарыя)
4 Ζαχαρούλα (Βλάχικος χορος) (Грэцыя)
6 Art Shryer’s Modern Jewish Orchestra – Besaraber vulach
7 Volekh (Lexicon of Klezmer Terminology)
8 Reb Shmuel Betzalel Althaus – Niggun Volach
9 “In the ‘volekhl’ or ‘tekhiat ha-metim,’ that usually follows the the ‘beroyges’ dance, the first dancer attempts to revive with his movements and chants the one who is dead, until they dance together the final hora…’Volekhl’ (Wallachian) name given to a Romanian melody of the form doyne-hora to which the tekhiat ha-metim is danced (resurrection of the dead).” [Lag B’Omer, Meron, Israel, 1960s-70s]. Hadju 1971, “Le Niggun Meron” in Yuval: Studies of the Jewish Music Research Centre Volume II, 1971, p. 83.. Cited by: Volekh (Lexicon of Klezmer Terminology)
10 Redele (валік 1198,2) Performed by the violinist Meyer Hopinke. Dubrovna, Byelorussia.
11 Colea Serban With Orchestra Conducted By Harry de Groot – Doina En Hora Mare (@3:33)
12 П. Стаянаў “500 мелодий де жокурь дин Молдова”, Кишинэу, “Карта Моловеняскэ”, 1972, ст. 278
13 Нехама Ліфшыцайтэ – Дос Фрэйлехе Шнайдерл
14 נגון ולס (nigun vals) выконвае El’azar Sharvit, з калекцыі Уры Шарвіта @29:05
15 https://cloud.mail.ru/public/yS1r/e2Tdh21E3
16 https://cloud.mail.ru/public/Rxzz/NRmjG2bQz
17 https://cloud.mail.ru/public/Asqz/B6cbMLapx
18 https://cloud.mail.ru/public/iTih/VPimbvtx4
19 https://cloud.mail.ru/public/QQru/KcUYj8Vjj
20 Матеріали з колекції Зиновія Кісельгофа. Фольклор і театр
21 https://web.archive.org/web/20240206091005/https://audio.ipri.kiev.ua/CD3/Track_02.mp3
22 https://youtu.be/mq_w-0mp-Ls?feature=shared
23 https://youtu.be/5aaUJ0lxpP0?feature=shared
24 https://youtu.be/jdo81Dj7uMM?feature=shared
25 https://youtu.be/YQamGq65-4I?feature=shared
26 выконвае р. Шмар’яу Фельдман https://www.youtube.com/watch?v=H51MZRhMiX0 і некалькі выкананняў тут: https://chabadpedia.co.il/index.php/%D7%95%D7%95%D7%90%D7%9C%D7%90%D7%9A_%D7%9C%D7%A8%27_%D7%A0%D7%98%D7%A2_%D7%9E%D7%A4%D7%90%D7%94%D7%90%D7%A8
27 https://www.youtube.com/watch?v=gNw5PhlQ8cQ
28 “Volach” playlist @Niggunei Chabad youtube channel
29 Sher (Lexicon of Klezmer Terminology)
30 гл. прыклады ў падкасце радыё Эшкалот “Kazachok II”: “У іншых версіях, напрыклад, у Аурэля Мандаке [мелодыя казачка] гэта ўжо танец Ruszászka (рускі) венграў-чанга з румынскай правінцыі Малдова. Звярніце ўвагу на назвы: чардаш, русаска – разумееце, што адбываецца? Мелодыя адрываецца ад танца, які пад яе танчылі, і прыстасоўваецца да іншага, мясцовага танца. І яна не толькі зараз па-іншаму называецца, ён цяпер па-іншаму танцуецца – і музыка прыстасоўваецца да новага танца. Русаска, напрыклад, ужо не сольны, а парны танец, на першым калене пары рухаюцца ад краю кола да цэнтра і зваротна, а на другім – кружацца кожная асобна.”
Ната: Маецца на ўвазе – на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, якая, знаходзячыся ў складзе Расійскай імперыі, да 1918 года мела назву Беларуская губерня, а ў перыяд з 1919 па 1991 год называлася Беларуская Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка або Беларусія.
У праекце мы працуем з запісамі фалькларыстаў, сабранымі пераважна ў гэты час.
Пытанне назваў мае значэнне. Хто назваў, калі і чаму? Што нам гэта кажа пра час і пра тое, як гэты час і асаблівасці часу ўплываюць на аб’ект, які мы даследуем? Дапусцім, той факт, што ва ўжо савецкай Беларусі да 1936 года былі афіцыйнымі дзяржаўнымі мовамі беларуская, руская, польская і ідыш. Гэта значыць, прынамсі, што паміж усімі чатырма мовамі нешта адбывалася, а таксама і паміж людзьмі, якія імі карысталіся ў штодзённых камунікацыях. Між іншым, музыка і танец гэта таксама мова…
А як яўрэі называлі Беларусь?
Ілля: Цытую Сляповіча з нашага падкаста “На мове ідыш гэтыя [беларускія] землі называліся Райсн (этымалогія слова: Русь). Словам “Літэ” абазначалася “Літва” ў цэлым, як Вялікае Княства Літоўскае, і сёння мы пад ім разумеем у шырокім сэнсе арэал бытавання літоўскага, ці літвацкага, дыялекту ідыша. Аднак ёсць і больш вузкае разуменне Літэ – прыкладна як сучасная Літва. І ў гэтым шэрагу ёсць Літэ, ёсць Райсн – прыкладна сучасная Беларусь, а ёсць Летланд – Латвія.